Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Палату прадстаўнікоў зноў узначаліў Уладзімір Андрэйчанка

Андрэйчанка быў адзіным прэтэндэнтам на пасаду старшыні Палаты прадстаўнікоў. Яго кандыдатуру вылучыў дэпутат Сяргей Канопліч, матывуючы тым, што ён мае "багаты вопыт парламентарызму" і "шмат зрабіў для прасоўвання Палаты прадстаўнікоў на міжнароднай арэне".

"На сустрэчах з пасламі замежных краін ён паказаў сябе дасведчаным сталым палітыкам, які ўмела прапагандуе інтарэсы Беларусі", — сказаў Канопліч    

Сам Андрэйчанка, выступаючы перад дэпутатамі, зазначыў, што перад новым складам парламента стаяць "маштабныя і значныя задачы". У прыватнасці, трэба "дэталёва вывучыць" практыку прымянення выбарчага заканадаўства з улікам мінулых выбараў і ўнесці ў яго карэкціроўкі.   

Кажучы пра міжнародную дзейнасць, Андрэйчанка падкрэсліў, што трэба "спыняць усе спробы размаўляць з намі сілай". Ён таксама адзначыў неабходнасць разгледзець магчымасць арганізацыі "прамых трансляцый парламенцкіх дыскусій".  

Віктар Гумінскі паўторна абраны намеснікам старшыні палаты прадстаўнікоў. Гумінскі абраны ў дэпутаты ўжо чацвёрты раз. У гэты склад ён выбраны па Барысаўскай сельскай выбарчай акрузе №63. У папярэдніх скліканнях ён займаў пасады намесніка старшыні і старшыні пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы. 4 чэрвеня 2010 года быў абраны намеснікам старшыні палаты прадстаўнікоў чацвёртага склікання. 

Выбары ў палату прадстаўнікоў прайшлі 23 верасня. Па дадзеных ЦВК, яны адбыліся ва ўсіх акругах. У ходзе галасавання было абрана 109 дэпутатаў. Па адной з безальтэрнатыўных акругаў — Гомельскай-Навабеліцкай № 36 — дэпутат абраны не быў, так як за яго прагаласавала менш за 50% тых, хто прыняў удзел у галасаванні.  

Сярод дэпутатаў палаты прадстаўнікоў пятага склікання 21 дэпутат мінулага склікання.  Многія парламентарыі да свайго абрання з’яўляліся прадстаўнікамі ўлады: старшынямі райвыканкамаў, начальнікамі аддзелаў, камітэтаў і ўпраўленняў райвыканкамаў, памочнікамі прэзідэнта, намеснікамі старшыняў аблвыканкамаў, старшынямі саветаў дэпутатаў, супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнага кантролю, прадстаўнікамі сілавых ведамстваў (КДБ, ваенныя).  Акрамя гэтага, дэпутатамі абраныя прадстаўнікі ўстаноў адукацыі (15 чалавек), аховы здароўя (шэсць), навукі (трое). У парламент таксама абраныя дзесяць прадстаўнікоў галін прамысловасці, ЖКГ і энергетыкі, тры — сферы транспарту, два — журналістыкі, два — гандлю і сэрвісу, тры — сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, адзін — банка, адзін — спорту.  З 109 абраных дэпутатаў 29 — жанчыны.      5 чалавек прадстаўляюць палітычныя партыі: тры — камуністычную, 1 — аграрную, 1 — партыю працы і справядлівасці.

Першая сесія верхняй палаты нацыянальнага сходу, савета рэспублікі, пятага склікання пачне працу заўтра, 19 кастрычніка.

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма