Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Праваабаронца падаў скаргу на дзеянні службовых асоб Баранавіцкага ГАУС і УУС Брэсцкага аблвыканкама

  • Сяргей Гоўша.
    Сяргей Гоўша.

Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша 18 кастрычніка накіраваў скаргу Міністру ўнутранных спраў на дзеянні службовых асоб Баранавіцкага ГАУС і УУС Брэсцкага аблвыканкама. У лісце паведамляецца, што падчас назірання за арганізацыяй і правядзеннем выбараў у Палату прадстаўнікоў ім была зафіксавана фальсіфікацыя пратакола № 1 пасяджэння акруговай камісіі № 5 па выбарах ад 11.07.2012г. Таму 14.08.2012 года Сяргей Гоўша звярнуўся з заяваю да пракурора г.Баранавічы, падрабязна распавёў пра гэтую фальсіфікацыю і прасіў правесці пракурорскую праверку па прыведзеных ім фактах і прыняць адпаведныя меры да парушальнікаў Выбарчага кодэкса РБ. Аднак пракуратура ўхілілася ад праверкі гэтай скаргі і накіравала яе для разгляду, праверкі і прыняцця рашэння па сутнасці ў Баранавіцкі ГАУС. У лісце з міліцыі, які прыйшоў з вялікім спазненнем, паведамлялася, што ў выніку праверкі было ўстаноўлена, што прадстаўлены назіральнікам пратакол № 1 сапраўды быў, але яго трэба разглядаць выключна як вучэбна-трэніровачны (!!!). Выконваючы абавязкі начальніка ГАУС падпалкоўнік Эльдар Вільчкоўскі даводзіў назіральніку, што сакратар камісіі, па даручэнні старшыні камісіі, склала дадзены пратакол як узор складання і запаўнення пратаколаў маючых адбыцца пасяджэнняў камісіі.

Не пагадзіўшыся з такім адказам службовай асобы, Сяргей Гоўша 06.09.2012 года звярнуўся з заяваю ва Упраўленне ўнутранных спраў Брэсцкага аблвыканкама, у якой прасіў правесці дадатковую праверку выкладзенных ім фактаў, а таксама неправамерных, на яго думку, дзеянняў службовых асоб Баранавіцкага ГАУС.

19 верасня 2012 г. праваабаронца атрымаў адказ з УУС Брэсцкага аблвыканкама, дзе было сказана, што ні ў дзеяннях службовых асоб выбарчай камісіі, ні ў дзеяннях службовых асоб Баранавіцкага ГАУС парушэння заканадаўства не ўстаноўлена.

Назіральнік Сяргей Гоўша не пагадзіўся з такімі адказамі чыноўнікаў і таму накіравай скаргу Міністру ўнутранных спраў на дзеянні службовых асоб Баранавіцкага ГАУС і УУС Брэсцкага аблвыканкама. Ён просіць даць прававую ацэнку дзеянням службовых асоб Баранавіцкага ГАУС і УУС Брэсцкага аблвыканкама падчас разгляду яго скаргі з прычыны фальсіфікацыі дакументаў па выбарах сябрамі акруговай камісіі Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 5.

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма