Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёў: каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары” Юрый Новікаў рыхтуе скаргу ў Вярхоўны суд

  • Юрый Новікаў, старшыня Каардынацыйнай рады Магілёўскай абласной кааліцыі дэмсілаў
    Юрый Новікаў, старшыня Каардынацыйнай рады Магілёўскай абласной кааліцыі дэмсілаў

Нагодай для гэтага з’яўляецца рашэнне Магілёўскага абласнога суда, які 18 кастрычніка не задаволіў скаргу актывіста і не адмяніў штраф у памеры чатырох мільёнаў рублёў, які быў вынесены Ленінскім раённым судом горада.

Нагадаем, што 11 верасня суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў Юрыя Новікава вінаватым у распаўсюдзе друкаваных выданняў без выходных дадзеных.

Падчас затрымання аўтамабіля актывіста супрацоўнікамі ДАІ і аглядзе яе ў Ленінскім РАЎСе Магілёва міліцыянтамі ў багажніку былі знойдзены “Метадычныя рэкамендацыі для назіральнікаў” у колькасці 293 асобнікі, столькі ж было імянных “Рабочых сшыткаў назіральнікаў”, а таксама 905 асобнікаў бюлетэня “За справядлівыя выбары”. Уся прадукцыя паводле рашэння раённага суда мусіць быць знішчана.

Сам Юрый Новікаў лічыць рашэнне суда палітычна матываваным.

“Па надуманных прычынах адбылася канфіскацыя друкаванай прадукцыі. Яна мела свайго адрасата – гэта назіральнікі, якія мусілі сачыць за тым, як адбываюцца выбары. Болей нікому прадукцыя не была адрасаваная. Верагодна, улады не хацелі, каб нашыя звесткі аб назіранні сталі вядомыя шырокай грамадскасці і паўплывалі на непрызнанне выбараў. Таму яны і спрабавалі сарваць назіранне”, - кажа Юрый Новікаў.

“Бачна, што суддзя Леніскага раёна Магілёва Аксана Ратнікава і суддзя Магілёўскага абласнога суда Рыгор Качалаў атрымалі распараджэнні, як дзейнічаць у дадзеным выпадку. Адсюль, адпаведна такія і рашэнні суддзяў – прызнаць сродкам масавай інфармацыі друкаваную прадукцыю, якая не падпадае пад гэтае паняцце”, - працягвае каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары”.

Юрый Новікаў адзначае, што калі Вярхоўны суд не адменіць штраф і не верніць канфіскаваныя матэрыялы, то будзе абскарджваць рашэнне ў Камітэце па правах чалавека  ААН.  

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма