Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Жлобін: міліцыя расследуе інцыдэнт паміж выбаршчыкам і сябрам “Справядлівага свету”

Сябра партыі левых “Справядлівы свет” Ілону Ткачову са Жлобіна, якая з’яўлялася даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты па Жлобінскай выбарчай акрузе №40 Валерыя Рыбчанкі, выклікаюць у міліцыю для расследвання інцыдэнта з выбаршчыкам Бабаньковым.

Нагадаем, падчас выбараў Ілона Ткачова працавала назіральнікам на ўчастку для галасавання №15, дзе быў зафіксаваны шэраг парушэнняў. Так, сябры камісіі выдалі пенсіянеру Бабанькову два бюлетэні. Калі назіральніца падыйшла да мужчыны, мужчына не мог здолець закінуць паперкі ў сярэдзіну скрыні, бо лісты былі згорнутыя ў чатыры столкі. Назіральніца запытала, колькі бюлетэняў трымае ў руцэ выбаршчык, і той, аддаўшы ёй лісты, паказаў, што іх было два.Назіральнікі зафіксавалі гэтае парушэнне і звярнуліся са скаргамі ў пракуратуру ды ЦВК. 

Пасля выбараў Бабанькоў звярнуўся у міліцыю, дзе заявіў, што Ткачова вырвала бюлетэні ў яго з рук. Сам жа выбаршчык патлумачыў, што другі бюлетэнь ён знайшоў у кабіне для галасавання, і вырашыў, такім чынам, прагаласаваць за сваю жонку.

–Мне патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі і запрасіў на размову ў мясцовы РАУС, але я не пагадзілася і папрасіла, каб мне даслалі афіцыйную позву, – распавядае спадарыня Ілона. – І хоць міліцыянер не прадставіўся, па голасу я зразумела, што гэта той самы супрацоўнік міліцыі, які працаваў на гэтым участку. Позва мне прыйшла толькі 12 кастрычніка, хоць у самым дакуменце мне прызначылі сустрэчу на 9 кастрычніка. Там было напісана, што я павінна з’явіцца ў мясцовы аддзел міліцыі ў якасці сведкі – пра адміністрацыйную справу і нумар артыкула з Адміністрацыйнага кодэксу не было напісана ні слова. Я, зразумела, нікуда не пайшла.

А вось сам экс-кандыдат Валеры Рыбчанка і яго калега з партыі АГП Марат Афанасьеў на размову вырашылі пайсці:

“У нас запыталіся, што мы думаем на гэты конт, як усё адбывалася, – кажа спадар Рыбчанка.– Мы далі тлумачэнні і ўсё на гэтым скончылася. Цікава, што пакуль ніякай адпіскі нам пакуль не даслалі. Будзем чакаць, чым скончыцца гэтая справа”.

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма