Магілёў: “Праверка” міліцыі не пацвердзіла завышэння колькасці прагаласаваўшых
Магілёўскай назіральніцы Наталлі Самахвалавай адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць кіраўніцтва ўчастковай касіі. У адказе, які яна атрымала ад начальніка Кастрычніцкага РАУСа Магілёва сп.Клімава, гаворыцца, што скарга былой назіральніцы разгледжана і па ёй праведзена праверка. Падчас праверкі было апытана кіраўніцтва ўчастковай выбарчай камісіі №22, якая ўваходзіла ў склад выбарчай акругі №86, у асобах старшыні камісіі сп. Зданко і намесніка старшыні камісіі спн. Чэрадавай.
Апытаны сп.Зданко патлумачыў міліцыянтам, што падчас выбараў члены ўчастковай камісіі не дапускалі ніякіх парушэнняў, падлік здзяйсняўся правільна, бо падчас падліку прысутнічаў на ўчастку старшыня акруговай выбарчай камісіі.
У сувязі з гэтым прыкметаў крымінальна-караемага дзеяння сп. Зданко міліцыяй не выяўлена.
Нагадаем, што назіральніца скардзілася ў міліцыю з нагоды таго, што яе звесткі аб колькасці прагаласаваўшых датэрмінова і ў дзень галасавання не супадалі з афіцыйнымі. Паводле звестак назіральніцы ад “Беларускага Хельсенкскага камітэта” Наталлі Самахвалавай, датэрмінова на ўчастку прагаласавала 402 чалавекі, а ў дзень выбараў 506. Лічбы ў афіцыйным пратаколе значна адрозніваліся: датэрмінова прагаласавала 930 чалавек, а ў дзень галасавання 1 333.
У сувязі з разыходжаннем звестак жанчына і скардзілася ў міліцыю. Наталля Самахвалава ўпэўнена, што кіраўніцтва камісіі наўмысна завысіла колькасць прагаласаваўшых, каб была яўка выбаршчыкаў і выбары адбыліся.
Каментароў пакуль няма