Брэст: экс-кандыдату не дазволілі азнаёміцца з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, распачатай па яго заяве
Былы прэтэндэнт на абранне дэпутатам па Брэсцкай-Заходняй акрузе №1 Аляксандр Мельнік дамагаецца, каб да да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты старшыня ўчастковай выбарчай камісіі № 39 Леанід Валабуеў, які не дазволіў кандыдату прысутнічаць падчас падліку бюлетэняў.
З заявай, каб была заведзеная такая справа, Аляксандр Мельнік звярнуўся ў Брэсцкі гарвыканкам, аднак там доўга адмаўляліся рабіць гэта, і адміністрацыйны працэс быў распачаты толькі пасля скаргі ў пракуратуру.
Аднак неўзабаве Мельнік атрымаў паведамленне, што вынесена пастанова аб спыненні вытворчасці па гэтай справе. Былы кандыдат ў дэпутаты звярнуўся у гарвыканкам, каб яму далі магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, але атрымаў адмову. Гэта стала нагодай для звароту ў суд, бо Мельнік лічыць, што гарвыканкам наўмысна робіць захады, каб старшыня ўчастковага выбаркаму пазбег адказнасці за парушэнне выбарчага заканадаўства, што стварыла ўмовы “для фальсыфікацыі вынікаў галасавання”. Экс-кандыдат мяркуе, што дзеянні органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, з'яўляюцца незаконнымі, а саму пастанову аб спыненні вытворчасці па гэтай справе просіць адмяніць.
Каментароў пакуль няма