Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Орша: Каардынацыйны савет палітычных партый і грамадскіх арганізацый выконваў рашэнні выканкама

Як мы ўжо паведамлялі, напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў мясцовая «Аршанская газета» размясціла зварот Каардынацыйнага савета палітычных партый і грамадскіх арганізацый Оршы і Аршанскага раёна «За моцную і квітнеючую Беларусь». Гэта аб'яднанне, як высветлілася, не зарэгістравана ў структурах Мінюста. Якія менавіта партыі і арганізацыі ўваходзяць у гэты савет, для чытачоў засталося невядомым, як незразумела і тое, хто яго ўзначальвае і калі такі зварот быў прыняты.

Савет заклікаў аршанцаў выканаць свой грамадзянскі абавязак і аддаць галасы за годных кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў. Пры гэтым члены гэтага самага Савета асабліва адзначылі, што яны супраць правакацыйных і абразлівых дзеянняў з боку прыхільнікаў «каляровых рэвалюцый» і «незадаволеных уладай». Незадаволеныя уладай чамусьці пры гэтым былі ўзятыя ў двукоссі.

Кіраўнік Аршанскай гарадской арганізацыі партыі «Справядлівы свет» Мікалай Дзямідаў звярнуўся з гэтай нагоды ў пракуратуру з заявай, у якой прасіў высветліць статус гэтага самага «Каардынацыйнага савета», які дзейнічае як незарэгістраваная арганізацыя ў парушэнне праславутаму артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Пракуратура пераадрасавала запыт у ГАУС, адкуль днямі прыйшоў адказ.

Начальнік Аршанскай гарадзкой міліцыі Анатоль Сільчанка ў адказе паведаміў, што заява «Каардынацыйнага савета» надрукаваны «згодна  асноўным мерапрыемствам па ідэалагічнаму забеспячэнню падрыхтоўкі і правядзенню выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, зацверджанаму намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама». І яшчэ. «Дзяржаўная рэгістрацыя сумеснай дзейнасці арганізацыйных структур палітычных партый і грамадскіх арганізацый паводле арт. 911 ГК РБ не прадугледжана».

Такі адказ палітыкаў відавочна азадачыў. Па-першае, зусім незразумела, якое дачыненне арт. 911 Грамадзянскага кодэкса, які называецца «Дамова простага таварыства» і апісвае эканамічныя адносіны, мае да дадзенай сітуацыі. Па-другое, выходзіць, што спачатку намеснік старшыні аблвыканкама сцвярджае план «па ідэалагічным забеспячэнні», а затым той самы «Каардынацыйны савет» прымае зварот да жыхароў Оршы ў рамках гэтага плану. Так ці з'яўляецца такі «савет» сапраўды незалежным ад улады грамадска-палітычным утварэннем, калі ён проста выконвае ўказанні аблвыканкама? А па-трэцяе, і гэта мабыць, самае галоўнае - начальнік ГАУС пацвярджае, што грамадская дзейнасць у нашай краіне можа законна весціся і без неабходнасці атрымання дзяржаўнай рэгістрацыі аб'яднання, з чым безумоўна згодныя праваабаронцы.

 

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма