АБСЕ: Канчатковая справаздача па выбарах з’явіцца бліжэйшымі днямі
Прэс-сакратар БДІПЧ АБСЕ Томас Раймер расказвае Еўрарадыё, хто піша справаздачу па парламенцкіх выбарах і чаму не баяцца, што не запросяць у будучым.
Еўрарадыё: Больш за месяц ужо мінула пасля нашых парламенцкіх выбараў, а канчатковая справаздача місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ да гэтага часу не агучаная. Гэта звычайна?
Томас Раймер: Звычайна — два месяцы. Часам, крыху больш, часам — крыху менш. Гэта залежыць, шчыра кажучы, ад нашага раскладу ў офісе — у нас рэсурсы кадравыя абмежаваныя. Восенню гэтага года было некалькі выбараў у “межах адказнасці” АБСЕ.
Еўрарадыё: Што выкарыстоўваецца ў працэсе падрыхтоўкі канчатковай справаздачы: выключна назіранні ўдзельнікаў місіі АБСЕ ці можа, да прыкладу, справаздача “Праваабаронцаў за свабодныя выбары”?
Томас Раймер: Канчатковая справаздача залежыць ад нашага назірання. Ёсць яшчэ маніторынг СМІ. Былі кароткатэрміновыя назіральнікі — выкарыстоўваюцца вынікі іх назірання. Канчатковы даклад — няпростая рэч, неабходна некалькі пытанняў закранаць. Таму і займае гэта звычайна некалькі месяцаў.
Еўрарадыё: Няўжо вашым экспертам не цікавыя іх высновы?
Томас Раймер: Падчас назірання мы размаўляем са шматлікімі акторамі (выбарчага працэсу – Еўрарадыё). У гэтым спісе і прадстаўнікі дзяржавы і краіны, і палітычных партый, і самі кандыдаты, і журналісты. Сустракаліся мы і з тымі прадстаўнікамі грамадскасці, пра якіх вы кажаце.
Еўрарадыё: Ці будзе улічвацца рэакцыя на беларускія выбары міжнародных структур, да прыкладу, Еўрапарламента?
Томас Раймер: Гэта не наша справа — якая іх рэакцыя. Наша справа — апублікаваць сваю справаздачу, даць свае рэкамендацыі наконт паляпшэння прафесіяналізму, выканання абавязацельстваў АБСЕ ў працэсе выбараў. Усе нашы высновы залежаць аб абавязацельстваў АБСЕ і міжнародных стандартаў, а таксама — беларускага выбарчага заканадаўства.
Еўрарадыё: Прадстаўнікі беларускага ЦВК і ўладаў абвінавачваюць БДІПЧ АБСЕ ў “падвойных стандартах”. Маўляў, назіраць за выбарамі ў ЗША вас нават не пусцілі і вы маўчыце, а нас увесь час у нейкіх парушэннях абвінавачваеце…
Томас Раймер: Для мяне гэта — не пытанне “падвойных стандартаў”. У нас ёсць абавязацельствы АБСЕ, звязаныя з выбарамі. Пры жаданні вы можаце паглядзець нашу папярэднюю справаздачу наконт выбараў у ЗША, ці любой іншай краіне. Там — нашы назіранні наконт выканання абавязальніцтваў АБСЕ. І ў любой краіне мы выкарыстоўваем аднолькавыя стандарты. Сачыць за сітуацыяй у ЗША, Расіі, Беларусі, Германіі, Іспаніі і гэтак далей — гэта не наша справа. Мы проста сочым за працэсам выбараў. Сочым, як падчас гэтага выбарчага працэсу прытрымліваюцца міжнародных стандартаў, выконваюцца абавязальніцтвы АБСЕ і беларускае заканадаўства.
Еўрарадыё: Хто сёння працуе над канчатковай справаздачай: назіральнікі, якія былі на выбарах, ці “кабінетныя” эксперты?
Томас Раймер: Сама місія — гэта група экспертаў. Яны працавалі на выбарах і, безумоўна, цяпер працуюць над вынікам гэтай справаздачы. Але ёсць яшчэ эксперты па абавязацельствах АБСЕ, і яны працуюць з гэтымі экспертамі. Зразумела, назіральнікі, якія працавалі “на месцы” і гэтыя эксперты працуюць разам.
Еўрарадыё: Высновы з парламенцкіх выбараў робіць і беларускі ЦВК — рыхтуе змены ў выбарчае заканадаўства. Мяркуецца, што яны абароняць выбарчы працэс ад байкоту. Гэта можа знайсці сваё адлюстраванне ў канчатковай справаздачы?
Томас Раймер: Тое, што адбываецца цяпер — гэта не прадмет для справаздачы. Але ў гэтай справаздачы будуць рэкамендацыі. І наша Бюро заўжды гатовае дапамагаць краінам-сябрам АБСЕ гэтыя рэкамендацыі выканаць. Калі будзе запрашэнне з боку кіраўніцтва Беларусі — мы гатовыя праводзіць неабходныя экспертызы.
Еўрарадыё: Ёсць сумненні, што пасля апублікавання канчатковай справаздачы вас запросяць на наступныя выбары, а не тое што для дадатковых экспертыз!
Томас Раймер: Гэта — абавязацельства беларускага кіраўніцтва, запрасіць наша Бюро назіраць за вашымі выбарамі. У Беларусі, як у любога іншага сябра АБСЕ, ёсць такое абавязацельства.
Еўрарадыё: А што было б, калі б і сапраўды не запрасілі — нейкія санкцыі?
Томас
Раймер: Насамрэч, гэта нібыта абяцанне, якое далі сябры
АБСЕ адзін аднаму — запрашаць назіральнікаў на выбары. Але гэта не юрыдычнае
абавязацельства — палітычнае. І якая б была рэакцыя, я не магу сказаць, бо
сітуацыі такой не было. Але паводзіць сябе як нармальная дэмакратычная краіна
сярод удзельнікаў АБСЕ — неабходна. І ўявіце: калі ўсе дамовіліся, што так
павінна быць, а нейкая адна краіна раптам вырашае, што не трэба гэтага рабіць.
Вельмі непрыемная сітуацыя.
Каментароў пакуль няма