Канстытуцыйны Суд праігнараваў прапановы Ігара Случака
Ігар Случак атрымаў адказ на свой зварот у Канстытуцыйны Суд. На мінулых выбарах ён балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў па Гомельскай-Савецкай акрузе № 34. Менавіта на дадзенай акрузе было арганізавана шчыльнае назіранне амаль на ўсіх участках кампаніяй «За справядлівыя выбары». Па выніках выбараў назіральнікі заявілі, што яўка была сфальсіфікавана і склала каля 35%, а не больш за 60%, як пра гэта далі справаздачу камісіі.
Ігар Случак звярнуўся ў ЦВК, і, спасылаючыся на факты парушэнняў, прасіў правесці паўторны падлік галасоў на акрузе. Але ЦВК адмовіла яму. Тады былы кандыдат звярнуўся ў Вярхоўны суд з просьбай адмяніць пастанову ЦВК і прызначыць паўторны падлік галасоў. ВС адмовіў ва ўзбуджэнні справы па скарзе. Па заканадаўстве, абскарджваць у судзе вынікі выбараў мае права толькі кандыдат у прэзідэнты.
Тады Ігар Случак звярнуўся ў КС, у заяве ён прасіў прапанаваць Вярхоўнаму суду разгледзець скаргу на пастанову ЦВК і прапанаваць ЦВК і палатам парламенту ўнесці норму ў выбарчае заканадаўства, па якой права на абскарджанне вынікаў выбараў у судзе будуць мець кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў.
З КС яму адказалі, што інстанцыя дае заключэнні аб адпаведнасці нарматыўных і прававых актаў на падставе прапаноў Прэзідэнта, Палаты прадстаўнікоў, Савета Міністраў. «КС не мае права ўмешвацца ў дзейнасць дзяржаўных органаў, судоў, даваць ім указанні, ацэньваць законнасць. Унясенні зменаў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс магчымы па прапанове прэзідэнта, ПП НС, а таксама 50 тысяч грамадзян», - растлумачылі актывісту.
«У дадзеным адказе былі спасылкі толькі на агульныя прававыя нормы, датычныя майго пытання, але цалкам былі праігнараваны нормы спецыяльныя, якія дазваляюць суду вырашыць пытанне па сутнасці і праявіць ініцыятыву. Агульнай думкай усяго адказу было тое, што ў Канстытуцыйнага Суда няма ніякай кампетэнцыі, хоць на самой справе нават маленькія магчымасці ён выкарыстаць не змог і не захацеў», - пракаментаваў Ігар Случак.
Ён ставіць пытанне, што ў нават больш заможных, чым Беларусь краінах функцыі Канстытуцыйнага Суда выконвае Вярхоўны Суд, таму лічыць, што прыйшоў час правесці адпаведную рэформу, бо сродкі на ўтрыманне КС выдзяляюцца вялікія, а функцый правасуддзя ён не выконвае. «Тыя 12 суддзяў лёгка маглі б праявіць сябе на практыцы ў Вярхоўным Судзе, а вызваленыя сродкі ад утрымання будынка і апарата можна было б накіраваць на больш неабходныя рэчы, тым больш у такія крызісныя часы, што перажывае Беларусь зараз», - адзначыў актывіст.
Каментароў пакуль няма