Пасля звароту хоцімскага актывіста дэпутат нарэшце правядзе прыём выбаршчыкаў
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, які адначасова з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па Крычаўскай выбарчай акрузе №83, 12 чэрвеня правядзе прыём выбаршчыкаў у Крычаўскім, Клімавіцкім і Хоцімскім раёнах.
Па словах грамадскага актывіста з Хоцімска Валерыя Каранкевіча, яму адмыслова патэлефанавалі з Хоцімскага райвыканкама і запрасілі на сустрэчу з Уладзімірам Краўцовым у у 12-00 12 чэрвеня.
Таксама пра тое, што 12 чэрвеня з 10-00 да 11-00 у памяшканні Крычаўскага райвыканкама і з 14-30 да 16-00 у памяшканні Клімавіцкага райвыканкама будзе праводзіць прыём грамадзянаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Краўцоў У. В., апублікавалі абвесткі інтэрнэт-сайты раённых газет “Крычаўскае жыццё” і “Родная ніва”.
Дэпутат-“губернатар” Уладзімір Краўцоў не праводзіў прыём выбаршчыкаў у сваёй выбарчай акрузе ўжо больш за год, фактычна самаўхіліўшыся ад выканання сваіх дэпутацкіх абавязкаў. З-за такой незразумелай пазіцыі дэпутата Валерый Каранкевіч 13 траўня накіраваў на імя Уладзіміра Краўцова пісьмовы зварот, у якім праінфармаваў дэпутата, што ён будзе ініцыяваць стварэнне ініцыятыўнай групы па зняцці дэпутацкіх паўнамоцтваў і адкліканні дэпутата Краўцова, калі той не пачне выконваць свае дэпутацкія абавязкі.
Таксама ў сваім звароце Валерый Каранкевіч, які быў супернікам Уладзіміра Краўцова на выбарах у 2012 годзе, у чарговы раз задаваў Уладзіміру Краўцову пытанне пра немагчымасць адначасовага сумяшчэння ім двух пасадаў – дэпутата Палаты прадстаўнікоў і старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Пры гэтым спадар Каранкевіч спасылаўся на тое, што прайшло ўжо чатырнаццаць месяцаў пасля таго, як Уладзімір Краўцоў ладзіў апошні асабісты прыём грамадзян у якасці дэпутата ў Хоцімскім раёне і іншых раёнах сваёй выбарчай акругі. Між тым падчас прыёма 13 сакавіка 2014 года Краўцоў асабіста запэўніваў Каранкевіча, што праца старшынёй аблвыканкама не перашкодзіць яму выконваць абавязкі дэпутата.
Валерый Каранкевіч кажа, што ён абавязкова сустрэнецца з дэпутатам Краўцовым, каб узняць перад ім цэлы шэраг хвалюючых насельніцтва рэгіёна пытанняў. Выбаршчыкі незадаволены існуючым станам спраў на тэрыторыі Крычаўскай выбарчай акругі №83, сітуацыя за апошнія гады тут значна пагоршылася, нягледзечы на перадвыбарчыя абяцанкі Краўцова палепшыць жыццё рэгіёна. Пра тое, што ўсходні рэгіён краіны знаходзіцца ў заняпадзе, сведчыць і нядаўні ўказ №235 кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі “Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-усходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці”.
Каментароў пакуль няма