Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Парламенцкія выбары ў рэгіянальным зрэзе: Салігоршчына

23 верасня скончыўся шматмесячны выбарчы марафон. Улады абвесцілі аб чарговай элегантнай перамозе сваіх кандыдатаў. Як і прадказвалі мясцовыя праваабаронцы, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў ад Салігоршчыны былі прызначаны Яўген Абаленскі і Таіса Данілевіч. Паводле афіцыйных дадзеных удзел у выбарах па Салігорскай гарадской акрузе прыняла 62,8% выбарцаў, па сельскай - 82,2%. Незалежныя назіральнікі зафіксавалі яўку на ўзроўні не большым за 45%. Зрэшты, не толькі гэтая лічба дазваляе казаць аб тым, што выбары на Салігоршчыне не адбыліся. Трохмесячны аналіз хады выбарчай кампаніі фактычна сведчыць аб дэкаратыўнай сутнасці інстытуту выбараў калі не ва ўсёй краіне, дык у Салігорскім рэгіёне дакладна.

Утварэнне акруговых і ўчастковых выбарчых камісій

Гэтыя важнейшыя этапы выбарчай кампаніі адбываліся ў закрытым рэжыме. У склад акруговых выбарчых камісій ніхто з дэмакратычных актывістаў Салігоршчыны не быў уключаны. Вырашаць ключавыя выбарчыя пытанні на Салігорскай гарадской і сельскай выбарчых акругах ды весці падлік колькасці галасоў выбарцаў па пратаколах з участкаў Салігоршчыны было даверана прадстаўнікам праўладных арганізацый і кіраўнікам мясцовых дзяржпрадпрыемстваў.

Спроба выбаршчыкаў абскардзіць рашэнне аб неўключэнні іх прадстаўніка ў склад выбарчай камісіі Мінскім абласным судом задаволена не была.

Аналагічная сітуацыя склалася і пры ўтварэнні ўчастковых камісіяў. Іх склад фармаваўся ў асноўным з супрацоўнікаў аднаго прадпрыемства, школы ці іншай установы з абавязковым уключэннем у іх шэрагі адказных ідэалагічных работнікаў. Напрыклад, абсалютна ўсе сябры ўчастаковай камісіі №14 былі супрцоўнікамі ЗАТ “Калінка”, хоць фармальна палова з іх была вылучына ад грамадскіх арганізацый. Ніводны прадстаўнік апазіцыі ва ўчастковыя камісіі ўключаны не быў.

Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў, рэгістрацыя кандыдатаў

Варта адзначыць, што на Салігоршчыне дадзены этап выбараў не меў сур’ёзных нараканняў з боку ўдзельнікаў выбарчага працэсу. Усе пяць ініцыятыўных групаў па збору подісаў былі зарэгістраваныя. Зрэшты, гэткім шляхам у кандыдаты вылучаліся толькі прадстаўнікі ўлады. Апазіцыянеры ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі вылучаліся ў кандыдаты па партыйных спісах.

З сямі прэтэндэнтаў статус кандыдата атрымалі шэсць чалавек. Па Салігорскай гарадской выбарчай акрузе №68 - дзейсны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Яўген Абаленскі, ягоны спарныг партнёр начальнік ЖКГ “Комплекс” Ігар Дзялендзік і сябра АГП Віктар Малочка. Па Салігорскай сельскай акрузе №69 - начальніца упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама і адначасова дэпутаткай Мінскага абласнога Савета Таісай Данілевіч, ейны спарынг партнёр з псеўдаапазіцыйнай партыі ЛДПБ Уладзімір Сушчыц і сябра апазіцыйнай Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Арцём Агафонаў. Старшыня Акцябрскага сельсавета Ірына Бас не была зарэгістравана з-за адсутнасці заявы аб спыненні сваіх службовых паўнамоцтва ў выпадку перамогі на выбарах. Рашэнне акруговай камісіі аб нерэгістрацыі Ірына Бас не абскарджвала.

Асобнай увагі патрабуе сітуацыя з рэгістрацыяй Уладзіміра Сушчыца. На паседжанні акруговая камісія падкрэсліла, што прэтэндэнт мае судзімасць за “выраб і распаўсюд парнаграфічнай прадукцыі групай асобаў”. Зрэшты, судзімасць была ўжо пагашаная і партыйца ЛДПБ зарэгістравалі кандыдатам. А вось па суседняй Слуцкай выбарчай акрузе з-за наяўнасці двух таксама ўжо пагашаных судзімасцяў (за аўтаўгон ды перапродаж скрадзенага) у рэгістрацыі было адмоўлена прадпрымальніку Аляксандру Солапу. Сакратар ЦВК прычыну адмовы патлумачыў “маральна-этычнымі меркаваннямі”. На думку мясцовых праваабаронцаў, рознасць падыходаў абумоўлена не вышэйшым маральна-этычным узроўнем злачынства па вырабу парнаграфічнай прадукцыі, але жаданнем уладаў пакінуць зручнага для сябе кандыдата і пазбавіцца ад незалжнага.

Агітацыйны этап

Мясцовыя ўлады ад пачатку агітацыйнага этапу ў значнай ступені абмежавалі магчымасці ўдзельнікаў выбарчай кампаніі. Вызначаныя чыноўнікамі месцы для сустрэчаў з жыхарамі абедзвюх Салігорскіх выбарчых акругаў, а таксама месцы для правядзення агітацыйных пікетаў знаходзіліся на ўскраінах населеных пунктаў і не з’яўляліся папулярнымі сярод жахыроў рэгіёна. Цэнтральная плошча, галоўныя вуліцы ды шматлюдныя пляцоўкі апынуліся забароненымі для агітацыі. Фармальна кантактаванне з людзьмі было дазволена, але толькі там, дзе людзей няма.

Сярод непасрэдных удзельнікаў выбараў найбольш актыўную агітацыйную кампанію ў рэгіёне правялі прыхільнікі байкоту. Пазыцыю актыўнага байкоту - рэгістрацыя з мэтай інфармавання насельніцтва са зняццём напярэдадні дня выбараў - занялі абодва апазіцыйныя кандыдаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. На знак пратэсту супраць неўключэння іх прадстаўнікоў у склад акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў 17 верасня, пасля шэрагу пікетаў, сустрэчаў з выбарцамі і ўлёткавай кампаніі, спікеры АГП Арцём Агафонаў і Віктар Малочка знялі свае кандыдатуры з выбараў.

Неабходна адзначыць, што відэавыступы апазіцыйных кандыдатаў на тэлеканале СТБ не былі змешчаны ў эфіры з-за наяўнасці ў іх заклікаў да байкоту выбараў. Гэтак сама па надуманых прычынах мясцовымі дзяржаўнымі выданнямі не былі надрукаваныя перадвыбарчыя праграмы салігорскіх спікераў АГП.

Кандыдаты ад уладаў практычна ніякіх агітацыйных мерапрыемстваў не праводзілі. Распаўсюд нешматлікай друкаванай прадукцыі Яўгена Абаленскага і адзінкавыя сустрэчы праўладнай кандыдаткі Таісы Данілевіч праходзілі пад прымусам з выкарыстаннем адміністратыўнага рэсурсу.

Асвятленне выбараў у мясцовых СМІ

Аналіз інфармацыйных матэрыялаў салігорскіх СМІ на наяўнасць матэрыялаў выбарчага характару дазваляе зрабіць не складаную выснову - колькасць і якасць матэрыялаў выбарчай тэматыкі прама прапарцыйна залежнасці гэтых СМІ ад уладаў.

Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі (газета “Шахцёр”, Салігорскі тэлеканал) займаліся “раскруткай” выключна праўладных кандыдатаў ды актыўна папулярызавалі ўдзел у датэрміновым галасаванні. Праграмам апазіцыйных кандыдатаў, як ужо адзначалася вышэй, месца на старонках дзяржаўных газет і ў эфіры дзяржаўных тэлекналаў не знайшлося.

Прыватныя сродкі масавай інфармацыі (газета “Лідэр-Прэс”, сайт “Электроны Салігорск”) тэму выбараў наўпрост праігнаравалі. Прычына простая - публікацыя крытычных ці проста аб’ектыўных матэрыялаў грамадска-палітычнага характару можа справакаваць шэраг санкцыяў з боку ўладаў у дачыненні да гэтых СМІ.

Бадай адзіным рэсусрам, які найбольш актыўна асвятляў хаду выбараў у рэгіёне, быў інтэрнэт-рэсурс САЛІГОРСК.org. На старонках сайта стала публікаваліся праваабарончыя справаздачы па назіранні за выбрамі, змяшчалася інфармацыя пра незалежных кандыдатаў. 23 верасня сайт літаральна працаваў у анлайн рэжыме, асвятляючы хаду галасавання і падліку галасоў на ўчастках Салігоршчыны.

Датэрміновае галасаванне, галасаванне ў дзень выбараў

Сёлетняя выбарчая кампанія не ўнесла зменаў у заганную практыку ўладаў па прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні. Ціск на жыхароў рэгіёну Аддзелам ідэалагічнай працы Салігорскага райвыканкаму ажыццяўляўся праз адміністрацыі мясцовых прадпрыемстваў. Да прапаганды датэрміновага галасавання былі далучаныя і дзяржаўныя СМІ Салігоршчыны. Шматлікія факты прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні былі зафіксаваныя і незалежнымі назіральнікамі на ўчастках.

Галасаванне ў асноўны дзень выбараў праходзіла ў нервовай абстаноўцы. Нізкая яўка і падлік выбарцаў з боку незалежных назіральнікаў прыводзілі сябраў участковых выбарчых камісіяў у агрэсіўны стан. Самі выбарцы, якіх кіраўніцтва прадпрыемстваў прымусова заганяла на ўчасткі, дэманстратыўна галасавалі супраць усіх. Салігорскія назіральнікі ў гэты дзень зафіксавалі шэраг грубых парушэнняў выбарчага заканадаўства. Скаргі не разглядаліся учкамамі калегіяльна, а старшыні камісіяў адкрыта фабрыкавалі пратаколы такіх паседжанняў. Паўсюдна адзначаліся дробныя, але прынцыпова важныя парушэнні элементарных нормаў справаводства. Старышыні ўчастковых камісіяў не пазначалі ў сваіх акдазах на заявы назіральнікаў дату, нумар участковай камісіі ды назву выбарчай акругі. Каб падвысіць яўку ў дзень выбараў, участковыя камісіі праз выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу прымушалі супрацоўнікаў ЖКГ “Комплекс” абыходзіць кватэры выбарцаў з патрабаваннем з’явіцца на выбарчыя ўчасткі для галасавання.

Падлік галасоў

Найбольш абуральным этапам выбарчай кампаніі на Салігоршчыне стаў працэс падліку галасоў. Звароты назіральнікаў з прапановамі зрабіць працэдуру падліку празрыстай для ўсіх сябраў выбаркамаў, а таксама для прысутных назіральнікаў, не былі падтрыманыя ўчастковымі камісіямі. Большасць незалежных назіральнікаў падчас падліку галасоў фіксавалі звыклую карціну - сябры камісіі колам абступалі сталы з бюлетэнямі і лічылі толькі пэўную частку галасоў, не ведаюч агульных дадзеных. Назіральнікі знаходзіліся на адлегласці каля 10 метраў ад месца падліку і не маглі бачыць адзнакі выбаршчыкаў у кожным бюлетэні.

Як следства, лічбы ў канчатковых пратаколах участковых камісіяў значна адрозніваліся ад дадзеных незалежных назіральнікаў. Асноўныя маніпуляцыі ўладаў былі скіраваныя на забеспячэнне неабходнай яўкі. Дзеля гэтага нават на васьмі ўчастках з незалежнымі назіральнікамі ў выніковых пратаколах “знікла” 1027 выбарцаў ад агульнай колькасці. На адным толькі салігорскім участку №76 спісачная колькасць выбаршчыкаў у апошні момант была штучна зменшана на 373 асобы, што склала ажно 12% ад агульнай лічбы. На гэтых жа васмі ўчастках незалежныя назіральнікі зафіксавалі колькасць прагаласаваўшых на 1355 чалавек меншую за колькасць у пратаколах участковых камісіяў. То бок прыпіскі склалі ў сярэднім па 14% выбаршчыкаў на кожным участку. На большасці ўчастках з незалежным назіраннем былі зафіксаваныя нерэальна вялікія лічбы выбарцаў, якія прынялі ўдзел у непадкантрольным галасаванні па месцы жыхарства. На адным толькі салігорскім участку №7 гэтая лічба склала 341 чалавек, альбо 21% ад афіцыйна прагаласаваўшых (!) па дадзеным участку. На тых участках, дзе назіральнікі здолелі ўзяць пад кантроль галасаванне “на даму”, колькасць такіх выбарцаў складала ўсяго каля аднаго дзесятка.

На ўчастках без незалежнага назірання лічбы і ўвогуле выглядаюць фантастычна. Калі па дадзеных незалежных назіральнікаў сярэдняя яўка склала не больш за 45%, па афіцыйных дадзеных на гэтых жа ўчастках лічбы яўкі складаюць у сярэднім каля 56%, дык афіцыйная лічбы сумарна па абедзьвюх салігорскіх выбарчых акругах складае ажно 72,5%. Досыць паказальным з’яўляецца параўнальны прыклад дзьвюх ідэнтычных участкаў - №77 і №78 - па Салігорскай сельскай выбарчай акрузе №68. Калі на ўчастку №77 у прысутнасці незалежнага назіральніка ў суботу 22 верасня датэрмінова прагаласавала 86 чалавек (што прыкладна адпавядае дадзеным незалежных назіральнікаў з іншых участкаў у гэты дзень), дык на ўчастку №78, дзе незалежнае назіранне не вялося, у гэты ж дзень удзел у датэрміновым галасаванні нібыта прыняло ажно 274 чалавекі.

Варта адзначыць, што на адным з выбарчых участкаў Салігоршчыны, на участку №18, афіцыйна зафіксавана яўка меншая за 50%. Прадстаўніку Беларускага Хельсінкскага камітэту Леаніду Мархотку ўдалося дамагчыся на ім больш-менш рэальнага кантролю за выбарчым працэсам. Зрэшты, нават афіцыйныя 43% яўкі па дадзеным участку па падліках незалежнага назіральніка перавышаюць рэальную лічбу на 3%.

Акрамя таго, аналіз вынікаў размеркавання галасоў за кандыдатаў на салігорскіх участках, дзе незалежныя назіральнікі мелі магчымасць хоць бы ў мінімальнай ступені пракантраляваць працэдуру падліку бюлетэняў, дазваляе казаць пра неабходнасць правядзення паўторных выбараў. Па афіцыйных лічбах перавага праўладных кандыдатаў на дадзеных участках складала ўсяго на 1-2% болей за неабходныя 50%, а супраць усіх кандыдатаў галасавала каля 25% выбарцаў. Улічваючы маштабовыя маніпуляцыі з лічбамі з боку ўладаў, а таксама інфармацыю з участкаў аб пераважным галасаванні выбарцаў супраць усіх кандыдатаў, незалежныя назіральнікі выказваюць сумнеў у рэальнасці той колькасці галасоў, якія былі аддадзены праўладным кандыдатам.

Высновы

Неўключэнне прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі, няроўныя ўмовы для кандыдатаў у выглядзе неабгрунтаваных абмежаванняў на правядзенне сустрэчаў і сходаў з выбарцамі ды наўпроставай цэнзуры падчас агітацыйнага этапу, прымус выбарцаў да ўдзелу ў непадкантрольным датэрміновым галасавнні, непразрызстасць працэсу падліку галасоў і маніпуляцыі з лічбамі пры складанні выніковых пратаколаў выбараў і іншыя шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства з боку ўладаў на працягу ўсіх этаў выбарчай кампаніі – усё гэта з’яўляецца сведчаннем таго, што выбарчы працэс на Салігорскай гарадской выбарчай акрузе №68 і Салігорскай сельскай выбарчай акрузе №69 быў непразрыстым і несвабодным. Такія выбары не могуць быць прызнаныя дэмакратычнымі, а іх вынікі - справядлівымі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма