Групу ўдзельніка мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі камісія "скараціла" на восем чалавек, патлумачыўшы, што яны адмовілі факт добраахвотнага ўключэння ў ініцыятыўную групу. Але Уладзімір Правальскі адзіны, хто прадставіў камісіі ўсе дадзеныя пра сваіх прыхільнікаў, напісаныя імі ўласнаручна.
«Няправільна набраны нумар. Калі ласка, удакладніце нумар і ператэлефануйце». Гэтую фразу чуюць у трубцы выбаршчыкі, якія тэлефануюць на пазначаны ў газеце нумар тэлефона ўчастковай камісіі па Крапівенскім участку № 10. Як паведамілі ў Аршанскім вузле электрасувязі, дадзены нумар бесправаднога тэлефона (WLL) зняты яшчэ 5 ліпеня.
Ініцыятыўная група Валерыя Рыбчанкі, кіраўніка раённай арганізацыі партыі левых “Справядлівы свет”, зарэгістравана па Жлобінскай выбарчай акрузе. Раённая структура Партыі БНФ мяркуе свой удзел у выбарах калі толькі ў якасці назіральнікаў. А актывісты АГП пакуль вызначаюцца на гэты конт.
Цэнтральная выбарчая камісія выдала яшчэ 5 ліпеня пастанову №37 «Аб правядзенні трэнінгаў для сябраў участковых выбарчых камісій» з мэтай «практычнай адукацыі сябраў участковых камісіі асноўным выбарчым дзеянням».
Пра гэта салігорскім карыстальнікам паслугаў перадачы дадзеных аператара сотавай сувязі ТАА СП “Белсэл” паведамілі ў самой кампаніі. Сайт заблакаваны для абанентаў ад суботы 14 ліпеня. Па словах прадстаўнікоў кампаніі блакіроўка адбылася ў сувязі з абнаўленнем спісу забароненых сайтаў, у які патрапіў і рэгіянальны рэсурс САЛІГОРСК.org.
У ініцыятыўную групу актывіста кампаніі "Гавары праўду", сябра аргкамітэта БСДП (НГ) Канстанціна Анташкевіча ўвайшлі лідэры кампаніі "Гавары праўду" Уладзімір Някляеў, Андрэй Дзмітрыеў, Сяргей Вазняк, Аляксандр Фядута, а таксама мясцовыя актывісты кампаніі.
Раённая газета "Слуцкі край" нарэшце заўважыла, што ў краіне выбары. На сайце выдання з'явілася рубрыка "Выбары-2012", а на першай паласе апублікаваны склад акруговых камісій. Але ўсё ж больш выданне цікавіць тэма недасведчанасці Барака Абамы і Ангелы Меркель, працягнутая пад загалоўкам «Шпіёнскія штучкі ЗША».
Прэтэндэнт у кандыдаты з Хоцімска Валерый Каранкевіч 17 ліпеня паўторна падаў у камісію Крычаўскай выбарчай акругі № 83 дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Таксама ён накіраваў у ЦВК скаргу на прадстаўнікоў уладных структур, якія аказвалі ціск на сябраў папярэдняй ініцыятыўнай групы па яго вылучэнні ў якасці кандыдата.
Слонімскі райвыканкам вусна адмяніў ранейшае рашэнне аб забароненых для пікетавання месцах, апублікаванае ў "Слонімскім весніку" 11 ліпеня, і вызначыў новыя забароненыя месцы. На пытанне, чаму так адбылося, старшыня Слонімскай выбарчай акруговай камісіі № 58 Алена Мачаліна (яна ж кіраўнік справамі райвыканкама) адказала: «перадумалі і адмянілі!»
Ці пішуць пра выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання сайты дзяржаўных раённых выданняў Гомельскай вобласці? Адказу на гэтае пытанне давялося шукаць у інтэрнэт-версіях рэгіянальных выданняў, з якімі прапаноўвае азнаёміцца сайт “СМІ Гомельскай вобласці”.