Як паведамляе прэс-служба, Соймам Партыі БНФ, які адбыўся 23 чэрвеня, было вылучана 57 сябраў партыі ў акруговыя выбарчыя камісіі. З іх па Віцебскай вобласці - 9, па Магілёўскай - 9, па Гомельскай - 4, па Брэсцкай - 7, па Гродзенскай - 9, па Менскай - 7 і па горадзе Менску - 12 чалавек.
Многія сябры суполкі незалежнага прафсаюзу на РУВП “Граніт”, што ў Мікашэвічах, збіраюцца байкатаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў, бо не маюць ілюзіяў, што гэтая палітычная кампанія пройдзе паводле дэмакратычных нормаў. Тым не менш, яны маюць намер сустрэцца з кандыдатамі ў дэпутаты.
Па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 плануе вылучацца кандыдатам кіраўнік Бярозаўскай раённай суполкі АГП Аляксандр Кабанаў; па Івацэвічскай акрузе №11 - прадстаўнік СДПГ і "Гавары праўду" Валянцін Лазарэнкаў, ад АГП -- Вікторыя Грынюк і, не выключана, Юрась Губарэвіч ад Партыі БНФ і "Руху за свабоду" (апошні яшчэ канчаткова не вызначыўся).
Бабруйскія прадстаўнікі дэмсілаў амаль адзінагалосна прыйшлі да высновы байкатаваць парламенцкія выбары. Негледзячы на тое, што бабруйскія “праўдаўцы” байкатуюць кампанію, іх калега з Магілёва плануе ўзяць у ёй самы непасрэдны ўдзел. Гэта маладая кіраўнічка кампаніі “Гавары праўду” па Магілёўскай вобласці Аксана Самуйлава.