Назіральнікі не ўбачылі нічога новага ў час датэрміновага галасавання на парламенцкіх выбарах у Беларусі. Выбарчы працэс не стаў дэмакратычней, але і нечаканага пагаршэння таксама не назіраецца. Характар найбольш распаўсюджаных парушэнняў не змяняецца ад выбараў да выбараў, і новых тэндэнцый у гэтым годзе не заўважана.
Амаль на кожным выбарчым участку скараціліся выбарчыя спісы. У камісіях кажуць, што гэта людзі, якія "памерлі", "з'ехалі ў Расію", або "ўжо не жывуць па гэтым адрасе". Праваабаронца Павел Левінаў выказвае меркаванне, што за кошт штучнага скарачэння колькасці выбаршчыкаў уздымаецца працэнт яўкі.
Кароткатэрміновага назіральніка ад партыі “Справялівы свет” Алега Кастусёва выдалілі з участка для галасавання №14 Жлобінскай выбарчай акругі, абвінаваціўшы ва ўмяшанні ў працу камісіі і ўзломе сейфа, у якім знаходзіліся бюлетэні з датэрміновага галасавання.
З дзесяці чалавек, да якіх заехалі сябры камісіі № 8 Аршанскай гарадской акругі № 26 з урнай для галасавання, толькі адзін пацвердзіў, што звяртаўся ў камісію з падобнай просьбай. А адзін з выбаршчыкаў зусім адмовіўся галасаваць і выгнаў няпрошаных сябраў камісіі з кватэры.
Франц Массер назірае за выбарамі ў Гомелі аж з 2004 года. І за гэтыя гады ён ні разу не меў ніводнай заўвагі да выбарчага працэсу. Наадварот – толькі хваліў беларускія выбары. На мінулых выбарах назіральнік выказваўся, што «большасць немцаў марылі бы мець такія ж дэмакратычныя правы, якія ёсць у беларусаў».
Эдмунт Ленгфельдэр, дырэктар Інстытута радыялогіі імя Ота Хуга (Мюнхен), падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 заяўляў, што "размовы пра фальсіфікацыі – поўная лухта”, а “выбары ў Беларусі абсалютна празрыстыя”. Дэмакратычнымі называў "незалежны назіральнік" і выбары ў парламент у 2008 годзе.
Па кватэрах на вуліцы Кастрычніцкай і Леніна ходзяць брыгады з трох чалавек і прадстаўляюцца настаўнікамі гімназіі №2. Яны настойліва просяць бабруйчан пайсці прагаласаваць, хоць бы і супраць усіх. З’явілася інфармацыя, што супрацоўнікаў райвыканкама занепакоіла нізкая яўка выбаршчыкаў, і яны вырашылі ўзяць выбаршчыкаў настойлівасцю.
Назіральнікі фіксавалі значнае разыходжанне ў лічбах прагаласаваўшых на працягу дня з тымі дадзеннымі, якія абвяшчаліся ў канцы дня сябрамі УВК. Напрыклад, у Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34 на ўчастках № 1, 2, 18 і 23 амаль увесь час назірання адзначалася разыходжанне лічбаў у 2-3 разы.